Новости

Уваскрашэнне Лазара: Знак набліжэння Царства Божага

04.04.2015 Новости благочиния

  Уваскрасенне з мёртвых, як падзея, як працэс, для любых народаў звышнатуральна і не можа пакінуць абыякавымі нікога, хто пра яго чуў, а тым больш сутыкнуўся. Яўрэі верылі ў адзінага Бога і ў уваскрашэнне з мёртвых у апошні час, аб чым мы можам даведацца чытаючы Святое Пісанне. І пры гэтым, калі яны ўбачылі ўвачавідкі – гэта іх вельмі здзівіла і уразіла. Пра другія народы і казаць не даводзіцца. Такая падзея – уваскрасення – адбылася і з праведным Лазарам. Памяць пра гэтыя падзеі сёння адзначае увесь праваслаўны свет. Адказаць на пытанні рэдакцыі нашага сайта, звязаныя с сённяшнім святам, пагадзіўся клірык Свята–Георгіеўскага прыхода г. Мінска іерэй Міхаіл Самкоў.

  — Айцец Міхаіл, распавядзіце калі ласка, дзеля чаго была дапушчана смерць Лазара, а пасля і ягонае, так скажам, прылюднае уваскрасенне? Як бачна з Евангелля, смерць Лазара была невыпадковай. Што гэтая падзея уваскрасення павінна была паказаць іудзеям і усяму дому Лазара. Што гэтым хацеў паказаць Гасподзь?

  — Для правільнага разумення гэтай падзеі неабходна ўлічваць некалькі чыннікаў, некалькі фактараў. Першае, гэта тое, што ўсе цуды, якія здзяйсняў Ісус, усе незвычайныя дзеі, іх мэта была не ў тым, каб неяк эфектыўна паўплываць на людзей, якія былі сведкамі тых падзей, каб не проста уразіць іх, а мэта была ў тым, каб паказаць людзям, што Царства Божае наблізілася да іх, што Царства Божае ўжо побач.

  Справа ў тым, што ў старажытнагабрэйскіх, старазапаветных тэкстах мы сустракаем такое вучэнне, што калі Царства Бога будзе набліжацца да чалавека, што калі Бог прыйдзе, каб усталяваць сваё Царства, то будуць адбывацца пэўны падзеі, якія будуць знакам таго, што вось гэта ўжо адбываецца, гэта ўжо блізка. Адным з такіх маркераў было тое, што ў той час сляпыя будуць бачыць, глухія будуць чуць, кульгавя зноў будуць хадзіць і гэтак далей.

  У тых тэкстах, якія пачалі з’явіляцца крыху раней за часы, калі жыў Ісус Хрыстос, за 1-2 стагоддзі да ягонага нараджэння, ужо сустракаецца такое вучэнне, што Месія – гэта такі чалавек, якога Бог пашле для таго, каб ён быў інструментам набліжэння Царства Божага, і што Месія будзе здяйсняць усе тыя знакі. У адным з такіх тэкстаў апісваецца прароцтва Ісаі, у якім гаворыцца, што хутка павінен прыйсці Месія, які будзе рабіць усе тое, пра што пісалі старажытныя прарокі.

  У Евангеллі ёсць месца, дзе гаворыцца, што прарок Іаан Хрысціцель паслаў сваіх вучняў да Ісуса, каб тыя спыталі, ці з’яўляецца Ён тым, каго чакае ізраільскі народ, ці з’яўляецца Ён Месіей або неабходна іншага чакаць. Ісус прама не адказвае Іаану Хрысціцелю, не кажа: «Так, Я месія». Ён кажа: «Перадайце яму, што сляпыя бачаць, глухія чуюць, кульгавыя пачынаюць хадзіць». І гэтак далей. То бок ён проста казаў: «Паглядзі на факты, якія адбываюццца ў ізраільскім народзе. Паглядзі на тое, што я раблю і ты сам усё зразумеешь». Дык вось, усе цуды, якія здяйсняў Іісус Хрыстос, усе ацаленні, якія мы неаднаразова сустракаем у Еванегеллі – Хрыстос ацаляў, і сляпых, і тых, каго мучыў злы дух, ён уваскрасіў і памерлую дзяўчынку – усе гэтыя знакі былі толькі для таго, каб паказаць іудзеям, што Цартсва Божае наблізілася, што Ісус з’яўляецца тым, праз каго Бог уводзіць сваё Царства у наш свет. І вось падзея уваскрасення Лазара з’яўляецца адным з шэрагу тых знакаў, на якія Ізраіль павінен быў адрэагаваць, праз якія ён павінен быў пазнаць, што Бог вяртаецца да свайго народа.

  Я думаю вы памятаеце, што у Евангеллі Ісус са сваімі вучнямі ішоў і сустрэў чалавека, што быў сляпы ад нараджэння. І вучні спыталі яго: «Хто саграшыў – ён ці ягоныя бацькі. Чаму ён хварэе, чаму з дзяцінства так пакутуе?». Ісус жа сказаў: «Ні ён, ні ягоныя бацькі не зграшылі, а што ён хварэе дзеля таго, каб слава Божая праявілася на ім». Ён меў на увазе, што ягоная хвароба была ў промысле Божым, каб тут і сёння паказаць гэты цуд, каб паказаць, што сіла Божая дзейнічае і, што Бог прыйшоў, каб вярнуць Царства Божае на зямлю. А што такое царства Божае? Гэта адноўлены свет, свет у якім няма хвароб, няма пакутаў, няма расчараванняў, свет у якім няма смерці. Вось менавіта ў гэтым кантэксце трэба разумець і ўваскрашэнне Лазара, як знак, які людзі павінны былі распазнаць. І для таго, каб паказаць сапраўднасць таго, што адбылося, што гэта не проста нейкія выдумкі хрысціянаў, Ісус марудзіў са сваім прыходам. Лазар сапраўды памёр, у Евангеллі падкрэсліваецца, што Лазар праляжаў у гробе чатыры дні, што ягонае цела пачало разлагацца, тлець. Але Ісус яго ўваскрашае.

  Чаму не паверылі? Цяжка сказаць, бо тыя хто бачыў гэта, былі безумоўна уражаныя гэтай падзеяй. Але мы павінны разумець, што прысутных было адносна не многа, у параўнанні з жыхарамі Іерусаліма, колькасць якіх на той час налічвала каля 200 тысяч чалавек. Зразумела, што калі там было некалькі дзесяткаў прысутных, то астатнія наўрацці паверылі. Хаця гэтая вестка пачала даволі імкліва распаўсюджвацца ў наваколлі Іерусаліма, і менавіта яна стала той апошняй кропляй, якая прымусіла ворагаў Ісуса, ягоных праціўнікаў (фарысеяў, кніжнікаў) пачаць больш актыўна дзейнічаць, каб спыніць Ісуса. Яны вырашылі падманам, хітрасцю абвінаваціць яго перад рымскімі уладамі, каб тыя яго забілі. Гэтую падзею мы як раз-такі успамінаем у апошнюю суботу перад Вербнай Нядзеляй. У гэтую суботу, якую так і называюць – Лазарава субота, было здейснена ўваскрашэнне Лазара.

  Гэты ж дзень лічыцца і апошнім днём Вялікага посту, яго падрыхтоўчага цыклу. Таму што з нядзелі пачынаецца новы цыкл – гэта цыкл Страстной сядміцы, Страстнога тыдня. Асноўная увага богаслужбовых тэкстаў гэтага новага перыяду засяроджана больш не на тэме пакаяння, не на тэме граху чалавека, а менавіта на тэме пакутаў, страсцей Ісуса Хрыста, ягонай смерці і ў рэшце-рэшт уваскрасення.

  — Якія багаслужбовыя адметнасці мае гэтая служба?

  — Гэтая субота мае некалькі урачыстых адметнасцяў. Памяць пра Лазараву суботу мы пачынаем святкаваць ужо ў пятніцу ў вечары. Адной з незвычайных асаблівасцяў гэтай службы з’яўляецца тое, што на службе ў пятніцу вечарам спяваюцца тыя гімны, якія звычайна спяваюцца на нядзельнай службе, прысвечанай уваскрасенню Хрыстову. Напрыклад, мы спяваем вядомы гімн «Воскресение Христово видевше», які задае новую танальнасць у нашым шляху да Вялікадня-Пасхі. Ён нагадвае, чым скончыцца ўрэшце-рэшт уся гэтая гісторыя. Мы ўжо крыху пачынаем далучацца да радасці уваскрасення, але павінны ведаць, што паўната гэтай радасці стане нам даступнай, толькі пасля таго, калі мы пройдзем праз цемру Страстнога тыдня. Хаця Вялікі пост і скончваецца, як перыяд літургічнага цыкла, аднак не скончваецца сам пост, то бок мы працягваем пасціцца, працягваем устрымлівацца ад пэўнай ежы, але ўжо робім гэта з іншымі матывамі. Гэта ўжо не столькі знак нашага пакаяння, колькі знак нашай салідарнасці з Ісусам Хрыстом, які цярпеў пакуты дзеля нас.

  — Дзякуй, айцец Міхаіл, за такі змястоўны адказ.

Гутарыў Ігар Валынкін

georgievskoe.by

Все фото

Кликните для увеличения и просмотра