Сёння праваслаўныя хрысціяне ўсяго свету адзначаюць свята Ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Што за падзеі адбыліся ў ім амаль 2000 год таму? Чаму нас тыя падзеі вучаць? На гэтыя і іншыя пытанні адкажам з дапамогай клірыка Свята–Георгіеўскага прыхода г. Мінска іерэя Міхаіла Самкова.
— Распавядзіце, калі ласка пра падзеі ўвахода Гасподняга ў Іерусалім і пра само свята?
— Само свята звязана з падзеямі, якія адбываліся за тыдзень да Ўваскрасення Госпада. Падзея ўваходу ў Іерусалім цесна звязаная з паярэдняй падзеяй – уваскрашэннем Лазара, які жыў непадалёк ад сталіцы, у невялічкім мястэчку Віфанія. Вестка пра цуд уваскрашэння Лазара, які здзяйсніў Ісус, хутка дасягнула Іерусаліма. Так што калі стала вядома, што Ісус ідзе ў Іерусалім на свята габрэйскай Пасхі, то многія людзі выйшлі сустракаць Яго як цара, як абяцанага прарокамі Месію, які павінен перамагчы ўсіх ворагаў ізраільскага народу. На той час галоўным ворагам была, безумоўна, Рымская імперыя, часткай якой была Палестына. Колькі людзей удзельнічалі ў гэтай урачыстай сустрэчы нам дакладна не вядома, хутчэй за ўсё, не так і многа ў параўнанні з агульнай колькасцю ўсяго насельніцтва тагачаснага Іерусаліму. Але важна не колькасць прысутных, а тое, які сэнс яны ўкладалі ў гэтую сустрэчу і які сэнс надаваў гэтай падзеі сам Ісус. Ён уваходзіць у сталічны горад як цар, але ці разумелі прыроду гэтага царства тыя, хто сустракаў Яго? Ці разумелі гэтае царства нават Ягоныя вучні? Як паказваюць падзеі наступных дзён, гэтага разумення не было. Бо царства па-ранейшаму мыслілася ў зямных катэгорыях сілы, улады і магутнасці. Але Царства Божае, якое Ісус прынёс на зямлю, будуецца на зусім іншай аснове, на іншых прынцыпах. І для таго, каб гэтае Царства адкрылася на зямлі, Ісусу неабходна было прайсці праз смерць.
— З евангельскага павествання пра падзеі ўвахода Госпада ў Іерусалім мы даведваемся, што людзі пасцілалі перад Ісусам галінкі дрэў і вопратку. Ці ёсць у гэтым пасціланні нейкі сімвалізм?
— Насамрэч гэты сімвалізм даволі празрысты. Ісус уваходзіць у Іерусалім як цар, менавіта таму Яго сустракалі, пасцілаючы вопратку і ўзнімаючы галіначкі ад пальмвых дрэваў. Ісус прыходзіць для таго ў адказ на шматгадовае чаканне Ізраіля, чаканне таго, што прыёдзе Цар, які прынясе мір на зямлю з самога неба. Ісус Хрыстос уваходзіць як Цар, што нясе Божае збаўленне, новы Божы Выхад – праз уласную Пасху на Крыжы. Праўда, ніхто не чакаў, што ўслед за пераможным уваходам адбудзеца ганебная смерць, якая, здавалася б, знішчыла ўсе надзеі і ўсю радасць. Мала хто тады разумеў, што адзіны шлях да аднаўлення свету – праз пакуты і смерць.
— Чаму у нашых шыротах і нашай традыцыі для сустрэчы свята Увахода Гаспода ў Іерусалім выкарыстоўваецца вярба?
— Падчас багаслужбы мы нібы аказваемся разам з тымі людзмі, што сустракалі Госпада 2000 гадоў таму. Гэтыя людзі трымалі ў руках пальмавыя галінкі – і мы таксама трымаем у руках галінкі дрэваў. Але паколькі ў нашым рэгіёны пальмы не растуць, то мы выкарыстоўваем тое, што раней за ўсё пачынае вясной распускацца, што пачынае зелянець і з’яўляецца першым сведкам новага жыцця пасля халоднай зімы. Менавіта таму на Русі замянілі пальмавыя галінкі вербамі. Ніякага патаемнага сэнсу гэтая замена не мае, гэта чыста функцыянальная замена.
— Хрысціяне нясуць галінкі вярбы ў дом. Існуюць розныя павер’і, што вярба бароніць жытло ад бедаў, ад злых духаў. Як мы павінны ўспрымаць гэтыя галінкі, якія мы асвячаем ў царкве?
— Самі па сабе гэтыя галіначкі ніякага сэнса не маюць. Яны атрымліваюць нейкі сэнс толькі ў кантэксце свята, літургічнага ўспаміну гэтых падзей. Вярба на свята Увахода Госпадава ў Іерусалім – гэта сімвал сустрэчы нашага цара, Ісуса Хрыста, Якому мы служым і Якому мы адданыя ўсім сэрцам. І стаючы ў храме з гэтымі галіначкамі мы тым самым нібы павяртаемся на дзве тысячы год таму, каб як і тыя людзі сустакаць Хрыста. Таму успрамаць гэтыя галіначкі трэба менавіта ў кантэксце свята. Аднак, многія людзі не прыходзяць на службу, можна сказаць, не прыходзяць на саму сустрэчу з Госпадам, а прыходзяць пазней – калі сустрэча адбылася. І прыходзяць толькі для таго, каб асвяціць вярбу. Але ж мы яе асвячаем менавіта для таго, каб на службе сустрэць Госпада, а не для таго, каб выкарыстоўваць яе пазней у нейкіх незразумелых мэтах. Таму асаблівага сэнсу ў самім па сабе асвячэнні вярбы пасля службы няма. Дабраславенне гэтых галінак можна правільна зразумець толькі як частку службы, а не як нешта магічнае, што валодае нейкай сілай само па сабе, толькі з-за таго, што мы гэта дабраславілі.
— Чаму падзеі увахода Гасподняга ў Іерусалім нас вучаць. Які сэнс уі якую карысць мы можам атрымаць?
— Думаю, што кожны з нас, сустракаючы гэтае свята, можа паставіць сабе наступнае пытанне: а ці разумею я, што такое Царства Божае? Ці разумею, што значыць сустракаць Ісуса як Цара? Ці гатовы я пайсці за сваім царом туды, куды б Ён ні пайшоў? Чаму я іду за Ісусам і чаго чакаю ад Яго? Ці гатовы я не толькі пасцілаць адзенне і трымаць у руках галнікы дрэваў, ладзячы эфектнае і ўрачыстае свята, але ісці з ім і далей – праз пакуты, смерць да Ўваскрасення?
— Дзякуй айцец Міхаіл за карысны расповяд.
Гутарыў Ігар Валынкін
georgievskoe.by