Першая нядзеля пасля Пасхі праваслаўнай Царквой прысвячана шанаванню памяці апостала Фамы. Што вылучае гэтую асобу сярод іншых апосталаў? Чаму ягоная памяць усталявана менавіта ў гэты дзень? З падобнымі пытаннямі рэдакцыя нашага сайта звярнулася да клірыка Георгіеўскага прыхода іерэя Міхаіла Самкова.
— Чым апостал Фама вылучаецца і чаму першая нядзеля пасля Пасхі прысвечана ягонай памяці?
— Гэта тлумачыцца самім евангельскім апавяданнем, якое змешчана у Евангеллі паводле апостала Іаана Багаслова. У першы дзень па ўваскрасенні, калі Хрыстос з’явіўся сваім вучням, Фама адсутнічаў з нейкіх прычын разам з усімі. У Евангеллі не ўдакладняецца, якая гэта была прычына. Але калі ён нарэшце з’явіўся сярод вучняў, і пачуў іхныя размовы, што яны бачылі настаўніка, які перамог смерць, то не паверыў і сказаў: «Пакуль я не дакрануся да ягонага цела, я не паверу вашым расповядам». І далей мы бачым у Евангеллі паводле Іаана, што на восьмы дзень пасля уваскрасення Ісуса Хрыста вучні зноў былі сабраныя разам. Тады ім зноў явіўся Ісус. На той час разам з усімі быў і апостал Фама. Паколькі наступная нядзеля пасля Пасхі з’яўляецца менавіта восьмым днём, то бок храналагічна супадае з евангельскім апавяданнем, таму менавіта гэты дзень Царква прысвяціла адной з сустрэч Ісуса са сваімі вучнямі. Насамрэч гэтых сустрэч было даволі шмат, не толькі на працягу першага тыдня, пасля ўваскрасення Ісуса Хрыста, але і на працягу сарака дзён. Ён шмат якім людзям з’яўляўся. Але вылучаецца менавіта гэтая сустрэча, таму што яна мае глыбокі багаслоўскі сэнс, мае глыбокае значэнне для абсалютна кожнага чалавека.
— Чым можна патлумачыць невер’е Фамы. Гэта рыса ягонага характару, ці пэўныя абставіны ягонага жыцця, альбо ён недавяраў апосталам?
— Тут не патрэбна нейкая навука, каб зразумець рэакцыю Фамы. Гэта абсалютна нармальная рэакцыя любога чалавека на паведамленне, што чалавек, якога ты вельмі любіў, памёр, і ты ўпэўнены, што ён памёр, што гэта канец ягонага жыцця. І раптам ты чуешь, што ён жывы. Хаця ты бачыў яго памёрлым, ты дакранаўся да яго, ты ведаешь, што па-іншаму быць не можа. І тут ты чуешь, што нехта ўваскрос. Безумоўна любая рэакцыя наармальнага чалавека сказаць: «Я не веру вам, дзе вашыя доказы». Я думаю, што Фама, хоць у Евангеллі пра гэта не вядзецца гаворка, пачаў сумнявацца, ці усё у парадку з духоўным станам ягоных сяброў, калег па апостальстве, ці не сталі яны ад гэтага суму, журбы, пасля смерці Ісуса, нейкімі вар'ятамі. Нявер’е Фамы магло тлумачыцца менавіта гэтым меркаваннем. Тым больш трэба памятаць, што як зараз ніхто асабліва не чакае, што мёртвыя ўстануць і пачнуць уваскрасаць, так ніхто і тады не чакаў гэтага. Бо існавла вера сярод іудэяў, што ў апошнія дні, у канцы света Бог уваскрасіць усіх памерлых, увесь Ізраіль і ўвесь народ ізраільскі будзе жыць ў новай касмічнай рэальнасці. Але ніхто не чакаў, што гэта можа адбыцца ў іхныя дні, у іхным штодзённым жыцці. Таму гэтая вестка была такой жа нечаканай 2000 год таму, як не чаканая яна і зараз. Таму рэакцыя Фамы, які не паверыў апосталам цалкам зразумелая. Таму ён і чакае нейкіх падцверджанняў ад іх. «Калі гэта не прывід, калі не галюцынацыя, то я хачу дакрануцца да Яго, каб быць упэўненым, што вашыя расповяды, гэта не наступствы вашай нейкай душэўнай хваробы, а што гэта сапраўды факт».
— Звернемся да асобы самога апостала Фамы. Ці можаце распавесці пра яго даапостальскае жыццё, апостальскія подзвігі. Куды ён нёс евангельскую пропаведзь, каго звяртаў да веры?
— У прынцыпе, мы не сустракаем у Евангеллі апісання кожнага з апосталаў. Яны разгдядаюцца разам, як група паслядоўнікаў і група найбольш блізкіх вучняў Ісуса Хрыста. Неяк вылучаецца сярод гэтай групы з дванаццаці вучняў хіба што апостал Пётр. Яшчэ мы бачым у Евангеллі паводле Іаана Багаслова, што вылучаецца крыху апостал Іакаў, брат Іаана Багаслова, а іншыя апосталы, можа на наш жаль, не паказаны як нейкія асобы, і ўсё, што мы ведаем пра гэтых людзей дайшло да нас з вуснага падання, з пэўных вусных традыцый.
Што датычыцца апастала Фамы, то у некалькіх эпізодах з Евангелля паводле Іаана мы можам сустрэць апісанне апостала Фамы. У іх ён выглядае чалавекам практычным, магчыма прагматычным, але і адданым свайму настаўніку. Аднак найбольш яскравым эпізод ягонага жыцця ў евангельскім павестваванні, гэта з’яўленне Ісуса Хрыста перад самім Фамой.
Далей з царкоўнага падання мы ведаем, што апосталы разыйшліся ў розныя землі з весткай пра ўваскрослага Госпада. І хутчэй за ўсё сапраўды, як гэта сцвярджае царкоўнае паданне, Фама пайшоў на усход ад Ізраіля, дайшоў да Індыі, заснаваў там хрысціянскія супольнасці. Ёсць такая традыцыя ў кожнай хрысціянскай Царквы ўзводзіць сваё зяўленне да нейкага апостала. У Александрыі заснавальнікам Царквы лічыцца апостал Марк, у Рыме – апостал Пётр, у Канстанцінопале такім лічылі апостала Андрэя. Цалкам магчыма, што першым заснавальнікам падобных хрысціанскіх супольнасцяў у Індыі быў менавіта апостал Фама.
— Дзякуй, айцец Міхаіл, за цікавую гутарку.
Гутарыў Ігар Вылынкін
georgievskoe.by