Новости

Ацаленне паралізаванага: прыклад міласэрнасці Божай

03.05.2015 Новости благочиния

  Чацвертая нядзеля пасля Пасхі Хрыстовай атрымала ў царкоўным календары назву нядзелі аб паралізаваным (раслабленым). Яна  прысвечана ўспаміну пра ацаленне Ісусам Хрыстом паралізаванага чалавека. Пра падзею ацалення паралізаванага рэдакцыя нашага сайта вырашыла паразважаць з клірыкам прыхода храма ў гонар абраза Божай Маці «Неўпівальная Чаша» протаіерэем Яўгеніем Грамыкам.

  — Добры дзень, айцец Яўгеній. Нагадайце, калі ласка, нашым чытачам пра падзеі, якія былі пакладзены ў аснову евагельскага апавядання пра паралізаванага?

  — Урывак з Евангелля распавядае пра тое, што ў Іерусаліме была так званая «Авечая купель», у якой была вада, і ў гэтай купелі знаходзілася шмат людзей, якія чакалі ацалення. Ангел Гасподзень сыходзіў у гэтую ваду, пасля чаго той, хто першым апускаўся ў ваду, якой была напоўнена купель, атрымліваў ацаленне ад любой хваробы, якая б у яго не была. І вось, быў чалавек, які 38 гадоў ляжаў каля гэтай купелі паралізаваны, і ў яго не было магчымасці да гэтай купелі дайсці першым, бо ён ляжаў і ніхто не хацеў яго ўзяць і паднесці, кожны думаў пра сябе, каб самому ацаліцца. Той, хто меў большыя здольнасці, прыходзіў, чакаў і, калі вада пачынала бурліць, ён у яе сыходзіў і атрымліваў ацаленне, і яму больш нічога не было патрэбна. Так гэты чалавек чакаў, як мы бачым 38 гадоў. І вось, у пэўны час туды прыйшоў Гасподзь і ўбачыў гэтага паралізаванага. І так яго пашкадаваў, зважаючы на тое, што гэты чалавек так доўга ляжаў, вырашыў, што яго патрэбна ацаліць і, не чакаючы больш наступнага сыходу Ангела, дараваў яму ацаленне на тым месцы, дзе той у дадзены момант знаходзіўся.

  — Чаму менавіта чацвертая нядзеля па Пасцы прысвечана паралізаванаму?

  — Першыя нядзелі па Пасцы прысвячаюцца падзеям звязаным з уваскрасеннем Хрыстовым: першая нядзеля – самому Уваскрасенню Хрыстоваму, другая – увераванню апостала Фамы, трэццяя – жанчынам-міраносіцам, якія паслужылі Госпаду і першыя прыйшлі да ягонай магілы, каб памазаць цела Настаўніка духмянасцямі, а ўжо з чацвертай нядзелі апавядаецца стаўленне Хрыста да людзей.

  Апавяданне пра паралізаванага – гэта прыклад таго, як Гасподзь па веры чалавека дае яму ацаленне. Гэта урок і для нас таксама, урок веры, цярпення, бо гэты чалавек 38 гадоў знаходзіўся ў паралізаваным стане. І вось Гасподзь, за ягонае цярпенне і веру, дараваў яму ацаленне ад гэтай хваробы.

  — Гэты ўравак знаходзіцца ў Евангеллі паводле Іаана. Скажыце, калі ласка, што хацеў паказаць евангеліст Іаан, змясціўшы гэтыю падзею ў свой тэкст?

  — Мы памятаем, што евангеліст Іаан імкнуўся раскрыць перш за ўсё Божую прыроду Ісуса Хрыста, таму Евангелле паводле Іаана напоўнена такімі падзеямі, якія сведчаць пра гэтую Божую прыроду. Гэтае ацаленне, і тое, што чалавеку прабачаюцца грахі, і тое, што ён атрымаў ацаленне ад цяжкай хваробы, – гэтым самым евангеліст Іаан хацеў паказаць, што Ісус Хрыстос не проста прарок ці цар Іудзейскі, як яго называюць другія евангелісты, а, менавіта,  богачалавек, які прыйшоў у свет і рабіў такія цуды і ацаленні, якія немагчыма было сабе дагэтуль ўявіць.

  — Скажыце, калі ласка, як разумець падзеі гэтага ўрыўка. Ацаленне паралізаванага адбылося ў суботу і фарысеі пыталі ў раслабленага, хто яго ацаліў, але ён не ведаў. А калі Хрыстос зноў з’явіўся яму і папярэдзіў: «Не грашы больш, каб не было з табой чаго горшага», – паралізаваны не вытрымаў і сказаў, хто яго ацаліў. Як можна патлумачыць гэтую не паслухмянасць, ці быў гэта  грэх, да якога быў схільны той чалавек, на што спецыяльна звярнуў увагу Гасподзь?

  — Насамрэч тут шмат розных аспектаў, калі разглядаць гэты момант. Сярод іх: ацаленне ў суботу, спрэчкі паміж Хрыстом і фарысеямі аб успрыманні суботы, уздзеянне на чалавека цуду, які з ім адбыўся, пад уплывам чаго ён не здолеў змаўчаць, бо яму хацелася сказаць: «Ну, як жа, гэты чалавек, Ісус Хрыстос, мяне ацаліў». І гэтак далей. А калі глядзець на гэтае непаслухменства, то мы шмат дзе ў Евангеллі сустракаем, калі Гасподзь ацаляў чалавека, а той у сваю чаргу не здолеў утрымаць у сабе гэтую таямніцу. У сучасный момант таксама бывае так, калі Гасподзь дае чалавеку нейкі цуд, ці благадаць, і ў той перыяд можа трэба было б трошкі памаўчаць, патрымаць ў сабе гэтую таямніцу, а чалавек пачынае пра гэта шмат гаварыць, і гэта неяк загаворваецца, і губляецца тая таямніца цуду і Божая благадаць. Часам чалавек пачынае хваліцца, што вось: «Бог мне даў». Тады ўжо сам сябе пачынае праслаўляць. Гэты момант таксама трэба мець наўвазе, бо калі Гасподзь сказаў: «Памаўчы!», – можа трэба крыху і памаўчаць.

  — Чаму выучыць нас гэты евангельскі уравык? На што можам звярнуць сваю увагу?

  — На што яшчэ звяртае ўвагу гэты ўрывак – гэта на тое, што кожны чалавек думае пра сябе: «Каб мне атрымаць ацаленне. Вось я, больш-менш здаровы, а тут чалавек 38 гадоў ляжыць і не можа трапіць ў купель». Можа трэба было б міласерднасць праявіць да яго, каму-небудзь узяць ды паднесьці яго да гэтай купелі, а яны разважалі: «Не, я пайду, я буду ацаляцца, а ты паляжы, што з табой зробіцца». Мы бачым, што не было ў тых людзей, хто там знаходзіўся, міласэрнасці. Ніхто не здолеў праявіць гэтую міласэрнасць да бліжняга.

  У нашым жыцці таксама гэта сустракаецца. У нас людзі, значная частка, нават царкоўныя, усё пра сябе клапоцяцца. А трэба ж памятаць, што мы да Бога ідзем разам, узяўшыся за рукі. Калі мы любім сваіх бліжніх, то мы і міласэрныя да іх. У нас, дзякуй Богу, такіх выпадкаў можа і не шмат, калі адзін чалавек за кошт іншых імкнецца выжыць, але ж аддаць нейкі свой час, сваю увагу другому чалавеку. Чаму б не, чаму трэба думаць толькі пра сябе? Гэта праблема, над якой трэба думаць і думаць нам усім.

  Мы павінны звярнуць увагу менавіта на гэтыя аспекты: на міласэрнаcць да іншых, удумлівасць да нашага духоўнага жыцця, падзяку Богу. Шмат хто з нас жыве, ходзіць, у яго ёсць сям’я, ёсць дзе жыць, што есці. За гэта ўсё нам трэба дзякаваць Богу, бо Бог нам ўсё гэта даў. Але ён можа штосьці і адняць, калі мы не будзем удзячнымі Яму. Калі мы будзем не толькі ў некай праблеме жыццёвай звяртацца да Бога: «Госпадзі, дапамажы», – але і тады будзем звяртацца, калі ў нас усё добра. Трэба прыйсці да Яго і сказаць: « Госпадзі, дзякуй табе, дзякуй, што ў мяне ўсё ёсць». Гэта, на мой погляд, вельмі важна. Таму думаю, што гэтаму таксама нам можна павучыцца, чытаючы дадзены евангельскі ўрывак.

— Дзякуй, айцец Яўгеній, за цікавую размову.

Все фото

Кликните для увеличения и просмотра